21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Ён асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта.

Родная мова – адзін з першых сродкаў адрознення нацыянальнасцей і культур. Галоўнае, каб кожны з нас усвядоміў, што мова – гэта сапраўды наша багацце.

4 сакавіка ў каледжы адбылося святочнае мерапрыемства «Багата родная ты мова», прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы. Навучэнцы групы ЛД-231 і замежныя слухачы даведаліся пра гісторыю ўзнікнення гэтага свята, а таксама прынялі ўдзел у віктарынах і конкурсах.

Падчас мерапрыемства гучалі радкі вершаў беларускіх пісьменнікаў, беларускія словы, якія адлюстроўваюць прыгажосць і ўнікальнасць роднай мовы, загадкі і прыказкі, праводзіліся конкурсы на веданне беларускай мовы. Замежныя слухачы дэкламавалі вершы на рускай і французскай мовах, спявалі песні на французскай мове.

Цудоўная атмасфера святочнасці яднала ўсіх, хто акунуўся ў незвычайную прыгажосць, меладычнасць, чароўнасць роднага слова.

Відавочна, што мерапрыемства, прысвечанае роднай мове, нікога не пакінула абыякавым. Упэўнены, што ўсім нам трэба ганарыцца сваёй мовай, ведаць, любіць і шанаваць роднае слова.