
21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэта асаблівая дата, якая нагадвае нам пра каштоўнасць матулінага слова, яго прыгажосць і ролю ў захаванні нашай нацыянальнай ідэнтычнасці.
19 лютага бібліятэкар Курто Анастасія Пятроўна правяла тэматычнае мерапрыемства ў вучэбнай групе СД-254 (куратар Самцевіч В.П.) пад назвай «Роднай мовы гук чароўны».
Мэтай сустрэчы стала папулярызацыя беларускай мовы сярод будучых медыцынскіх работнікаў, выхаванне павагі да гісторыі свайго народа і развіццё цікавасці да літаратурнай спадчыны.


Праграма мерапрыемства ўключала:
Інфармацыйную хвілінку: Навучэнцы пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення свята і цікавымі фактамі пра беларускую мову.
Паэтычны марафон: Гучалі вершы Максіма Танка, Уладзіміра Дубоўкі, Сяргея Грахоўскага, Яўгеніі Янішчыц і іншых. Мілагучнасць роднага слова нікога не пакінула абыякавым.
Інтэрактыўную віктарыну: Удзельнікі спаборнічалі ў веданні беларускіх прыказак, прымавак, складанні фразеалагізмаў, перакладзе тэрмінаў на родную мову.
Родная мова – гэта не проста сродак зносін, гэта «люстэрка культуры народа і яго духоўнае аблічча».
Дзякуем усім удзельнікам за шчырасць і любоў да роднага слова! Няхай гук чароўнай мовы заўсёды адгукаецца ў вашых сэрцах!






